Х Міжнародны форум тэатральнага мастацтва «ТЕАРТ» пройдзе ў Мінске з 2 па 24 кастрычніка 2020 года. Калі пачуцці кожнага з нас абвостраны, мастацтва і гісторыя ствараюцца прама зараз, тэатр можа гэта зафіксаваць і адрэфлексаваць. Таму мы вырашылi, што Х юбілейны «ТЕАРТ» павінен адбыцца.

Праграма шоукейса Belarus Open традыцыйна будзе паказана на пляцоўках Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра, Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача, прасторы Hide, Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек і Культурнага хаба «Ок16».

Чаканую многімі Міжнародную праграму давялося падладжваць пад выклікі часу. Мы вельмі шкадуем, што з-за абмежаванняў у перасячэнні межаў замежныя калектывы не змогуць прыехаць у Мінск на Х Форум «ТЕАРТ». Але мы ўпэўнены, што для гэтых праектаў яшчэ знойдзецца выдатны час і рэсурсы для іх рэалізацыі. А ў гэтым годзе міжнародная праграма трансфармуе сваю канцэпцыю: спектаклі пройдуць у фармаце паказу ў запісе і пацешаць гледачоў па-сапраўднаму шырокай і разнастайнай падборкай з драматычнымі, опернымі і харэаграфічнымі пастаноўкамі. Сярод іх спектаклі з праграмы фестываляў у Авіньёне, Эдынбургу, Берлінскага Theatertreffen, праекта «Фестываль «Залатая маска», відэапаказы лепшых расійскіх спектакляў. Пасля часткi паказаў гледачоў чакае Q&A з пастановачнай камандай. Спектаклі міжнароднай праграмы «ТЕАРТ» пройдуць у прасторы «Ок16».

Форум выступае і пляцоўкай для творчага дыялогу і пашырэння сваіх уяўленняў пра тэатральнае мастацтва. Прафесіяналаў індустрыі традыцыйна збярэ адукацыйная платформа «Школа «ТЕАРТа». У праграме платформы паказы эскізаў спектакляў, лекцыя і цыкл семінараў. «Школа «ТЕАРТ» выступае як пляцоўка для прафесійнага старта ў сферы тэатра без залежнасці ад кірунку. Адукацыйныя мерапрыемствы платформы запрашаюць слухачоў, прычым для аўдыторыі важна не столькі глыбіня ведаў пра тэатр, колькі шчырая цікавасць і любоў да гэтага віда мастацтва.

Мы таксама рады паведаміць, што вяртаем да жыцця родны для нас «Ок16» і зможам працягнуць традыцыйны паказ спектакляў на гэтай пляцоўке, якую пачалi яшчэ ў 2017 годзе. Верым, што разам зможам ізноў зрабіць гэта месца такім, якім яно задумвалася сваімі стваральнікамі і натхняльнікамі. І таму запрашаем культурныя ініцыятывы для працы над важнымі праектамі на гэтай пляцоўке.

«Х юбілейны Форум будзе іншым. Зараз час, калі ў прыярытэце мабільнасць і ўменне рэагаваць на акалічнасці. Сёння фестываль прапануе іншыя формы ўзаемадзеяння з мастацтвам у новых умовах. Мы заўсёды казалі, што «ТЕАРТ» імкнецца да міждысцыплінарнасці і адлюстравання розных відаў мастацтва. Мы верым, што праз год сустрэнемся зноў, і гэта будзе іншы «ТЕАРТ», адпаведны ўжо новаму часу», падкрэслівае дырэктар Форума Анжаліка Крашэўская.

Арганізатар Міжнароднага форума тэатральнага мастацтва «ТЕАРТ» Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн». Форум праходзіць з дапамогай ААТ «Газпром трансгаз Беларусь».

Поўная праграма Х Форума «ТЕАРТ» будзе даступна ў бліжэйшы час. Пра старт продажаў таксама будзе абвешчана дадаткова. Сачыце за нашымі навінамі на сайце teart.by, artcorporation.by, а таксама ў Facebook, Instagram, VK.