З 3 па 8 красавіка ў кінатэатры «Піянер» адбудзецца сёмая рэтраспектыва японскага кіно, якая праводзіцца ў Мінску цэнтрам візуальных і выканаўчых мастацтваў «АРТ Карпарэйшн» пры падтрымцы Амбасады Японіі і генеральнага партнёра рэтраспектывы – кампаніі JTI. Мінчанам будуць прадстаўлены шэсць фільмаў ад вядучых сучасных рэжысёраў Японіі, нязменных удзельнікаў і лаўрэатаў найбуйнейшых фестываляў свету – Берлінскага, Канскага, Венецыянскага.

 width=

У рамках тыдня будуць паказаны аўтарскія «жамчужыны», у якіх самабытнасць стылю і традыцый вельмі своеасабліва спалучаюцца з папулярнымі глядацкімі жанрамі ад меладрамы, дэтэктыва да фантастыкі і фільма-жахаў. Тут і вельмі пераборлівая любоўная драма «Ззянне» ў пастаноўцы самай вядомай у свеце японскай жанчыны-рэжысёра Наомі Кавасэ, і не менш вытанчаны, выдатны і трывожны сямейны трылер «Фісгармонія» ад узыходзячай зоркі сусветнай рэжысуры Кодзі Фукады, які прыедзе ў Мінск і асабіста прадставіць карціну мінскай публіцы. Рэтраспектыва пазнаёміць з двума на першы погляд непадобнымі фільмамі пра далікатнасць чалавечай душы Хіракадзу Корэ-эды – яшчэ аднаго моднага фестывальнага аўтара з Краіны ўзыходзячага сонца. Гэта псіхалагічны дэтэктыў пра таямніцы правасуддзя і праўдзе, якая заўсёды неспасціжная, «Трэцяе забойства» і адзначаная мудрасцю, спакоем і дабрынёй жыццёвая драма «Дзённік Умімаці». Прыхільнікаў «вострых» жанраў чакаюць сустрэчы з фільмамі японскага «Хічкока» Кіёсі Курасавы – страшным не на жарт хорарам «Кідае ў дрыжыкі» і экстравагантнай фантастычнай гісторыяй пра ўварванне іншапланецян «Пакуль мы тут».

Па словах мастацкага куратара праекта Ігара Сукманава «прадстаўленыя ў праграме аўтары, закранаючы ў сваіх гісторыях змрочныя зоны свядомасці, ніколі не абыходзяць бокам прыгожы бок свету. Менавіта таму гэтак розныя карціны рыфмуюцца паміж сабой. Менавіта таму «змярканне» і «прыгажосць» выведзены ў загаловак нашай рэтраспектывы як паэтычныя «альфа» і «амега» сучаснага японскага кіно».

Гэта ўжо сёмая рэтраспектыва японскага кіно, якая праводзіцца ў Мінску пры падтрымцы кампаніі JTI. У папярэднія гады беларускія гледачы ўбачылі карціны вядомых японскіх кінарэжысёраў Сёхэя Імамуры і Кэйскэ Кінасіты, а таксама фільмы, знятыя легендарнай кінакампаніяй «Сёціку». Летась мінчане затаіўшы дыханне назіралі за містычнымі гісторыямі традыцыйнага японскага жанру «кайдан».

“Садзейнічанне развіццю беларуска-японскіх культурных сувязяў з’яўляецца адным з прыярытэтаў дзейнасці нашай кампаніі ў сацыякультурнай сферы, – адзначыў Генадзь Бруснікаў, намеснік генеральнага менеджара JTI у Беларусі. – Пры падтрымцы JTI у Беларусі выступалі вядомыя японскія выканаўцы, створаная алея сакуры, рэалізаваны міжнародны праект, прысвечаны Іосіфу Гашкевічу, сёлета беларускія студэнты адправяцца на вучобу ў Японію. З 2012 года адным з галоўных праектаў у гэтым кірунку з’яўляецца фестываль японскага кіно, які не мае аналагаў у нашай краіне. Сёлета беларускаму гледачу прадастаўляецца ўнікальная магчымасць убачыць новую японскую кінакласіку, і мы ўпэўненыя, што паказ будзе цікавы як знаўцам кінематографа, так і шырокай аўдыторыі».

У рамках падрыхтоўкі да тыдня японскага кіно, 22 сакавіка ў культурнай прасторы ОК16 кіназнаўца і праграмны дырэктар кінафестывалю «Лістапад», член Міжнароднай федэрацыі кінапрэсы FIPRESCI Ігар Сукманаў прачытае лекцыю «Японскае кіно. Імперыя пачуццяў» і раскажа аб тым, як глядзець японскае кіно і атрымліваць задавальненне.

Арганізатарамі з’яўляюцца Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн»  і кампанія  «Джапан табака Інтэрнэшнл Эсэндзі»  (JTI).

У бліжэйшы час квіткі паступяць у продаж. Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся па тэлефоне +375 17 203 77 66