Да 45-годдзя фільма «Таксіст»: рэстаўраваную драму Марціна Скарсэзэ пакажуць у кінатэатрах з 24 чэрвеня

23.06.2021

«Таксіст» – гэта гісторыя пра маральны заняпад Амерыкі пасля вайны ў В’етнаме, пра адчужэнне, гвалт і ПТСР, якія ахапілі грамадства і адлюстраваных у вар’яцтве антыгероя, таксіста-ветэрана Трэвіса Бікла. У 1976 годзе гэтая лютая і бескампрамісная драма была ўдастоена «Залатой пальмавай галіны» Канскага кінафестывалю. У кінатэатрах Мінска будзе дэманстравацца 4К-рэстаўрацыя фільма, выкананая ў 2011 годзе пад кіраўніцтвам рэжысёра. Паказы фільма пройдуць у кінатэатрах «Цэнтральны», «Піянер», «Ракета» і Falcon Club буцік кіно на ангельскай мове з рускімі субтытрамі.

Трэвіс Бікл, былы марскі пяхотнік і ветэран вайны ў В’етнаме, пакутуе ад бессані і таму ўладкоўваецца працаваць таксістам. Ён бязмэтна кружыць па начным Нью-Ёрку, які пааграз у гвалце і загане, і марыць, як у адзін цудоўны дзень «лівень змые з вуліц усю гэтую падлу». Адзінай светлай плямай для Бікла становіцца Бэтсі, але гэта захапленне хутка перарастае ў апантанасць, як і імкненне выратаваць малалетнюю прастытутку Айрыс. Трэвіс усё больш апускаецца ў параною і вырашае, што сам павінен стаць тым самым ліўнем…

Сцэнар фільма Пол Шродэр, вядомы кінакрытык і аўтар важных тэарэтычных тэкстаў пра кіно, напісаў, арыентуючыся на ўласны вопыт бессані і дэпрэсіі. Шродэр насыціў сцэнар элементамі нуара і вестэрна: ад першага дасталіся фаталізм, змрочнасць і неадназначны герой, а ад другога — матыў пошуку справядлівасці. Не абышлося і без алюзій на палітычны клімат ЗША таго часу і вайны ў В’етнаме, наступствы якой прапітвалі ўсё грамадства. Атрыманы сцэнар ідэальна ўпісаўся ў тэндэнцыі новага Галівуду: сацыяльна-палітычныя праблемы, крытыка грамадства, сцэны гвалту і правакацыйныя вобразы. Да праекту хутка падключыўся Марцін Скарсэзэ, які быў узыходзячай зоркай амерыканскага кіно, а ўслед за ім заканамерна з’явіліся Роберт Дэ Ніра і Харві Кейтэль, якія сыгралі ў рэжысёра ў «Злых вуліцах» . Рыхтуючыся да ролі, Дэ Ніра атрымаў ліцэнзію таксіста і некалькі тыдняў працаваў у Нью-Ёрку. Фільм стаў прарывам для Джодзі Фостэр, якой на момант здымак было ўсяго 12 гадоў, і апошняй працай славутага кампазітара Бернарда Хермана, які завяршыў саўндтрэк літаральна напярэдадні смерці.

Нягледзячы на спрэчкі пра супярэчлівую мараль сцэнара і цэнзурныя праблемы, якія суправаджалі выхад фільма, «Таксіст» атрымаў галоўны прыз у Канах і быў намінаваны на 4 прэміі  «Оскар». Ён нязменна трапляе ў спісы лепшых амерыканскіх карцін і працягвае натхняць кінематаграфістаў, сярод якіх Таранціна і Фінчар. А нядаўняга «Джокера» Тодда Філіпса можна лічыць паўнавартасным амажам фільму Скарсэзэ.

Паказы фільма ў Беларусі арганізуе Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн», які выступае гідам па добраму кіно для тых, хто паспеў засумаваць па пракаце свежых аўтарскіх карцін.

Мы раім прытрымлівацца мер засцярогі, каб зрабіць паход у кіно не толькі прыемным, але і бяспечным: калі ласка, карыстайцеся маскамі і іншымі ахоўнымі сродкамі.

Навіны пра гэты і іншыя кінапраекты «АРТ Карпарэйшн» чытайце на сайце artcorporation.by, і ў FacebookInstagramVK.

папярэдні наступны
X