У ліпені праект TheatreHD падрыхтаваў асаблівыя паказы для аматараў мастацтва на экранах. Знатакоў балета запрашаем паглядзець навінкі Пале Гарнье – балеты «Парк» і «Сабор Парыжскай Божай Маці» , а прыхільнікаў оперы чакаюць пастаноўкі Венскай оперы – «Лючыя ді Ламермур», «Тоска» і пастаўленая ў тэатры Ла Скала «Жанна д’Арк».
3 ліпеня на экранах VOKA CINEMA by Silver Screen глядзіце «Сабор Парыжскай Божай маці» у пастаноўцы Ралана Пеці. У 1965 годзе французскі харэограф абраў гэты сюжэт для свайго першага поўнаметражнага балета ў Парыжскай нацыянальнай оперы, і з тых часоў «Сабор Парыжскай Божай маці» – адна з візітных картак славутай французскай трупы. Убачыць, як ажывае на экране велічны Нотр-Дам дэ Пары, які натхніў вялікага Іва Сэн-Ларана на стварэнне касцюмаў для спектакля, можна будзе яшчэ і 11 ліпеня ў Falcon Club Буцік Кіно.
Кадр з балета «Сабор Парыжскай Божай Маці»
4 ліпеня глядзім балет «Парк» харэографа Анжэлена Прэльжакажа для Парыжскай нацыянальнай оперы – дзіўны мікс галантнага стагоддзя і сучаснай пластыкі. Мінчане ўспомняць балет Прэльжакажа«Фрэска. Карціна на сцяне», які быў паказаны ў рамках фестывалю ТЭАРТ ў 2017 годзе. У новай пастаноўцы ледзь не галоўным героем спектакля з’яўляецца палацавы парк – месца фантазій і таемных спатканняў, месца, дзе так лёгка прызнаць паразу. І чатыры яго садоўніка – злучнае звяно эпох, містычныя захавальнікі часу і сакрэтаў, прыадчыняюць перад намі заслону таямніцы – вечнай таямніцы зараджэння любові. Адзіны паказ адбудзецца ў кінатэатры «Цэнтральны».
Трыумфальнае шэсце пастановак Венскай оперы пачнецца на кінаэкранах Мінска 14 ліпеня. У гэты дзень у кінатэатры Цэнтральны пакажуць знакамітую «Тоску». Галерэя ўражальных гістарычных выступленняў і гучных імёнаў папоўнілася інтэрпрэтацыяй Ганны Нятрэбка, якая бліскуча выканала партыю Тоскі ў гэтым спектаклі. У партыі Каварадосі выступіў тэнар Юсіф Эйвазаў, ролю падступнага начальніка паліцыі Скарпія выканаў бас-барытон Вольфганг Кох, а аркестр Венскай оперы пад кіраваннем французскага дырыжора Бертрана дэ Біі выдатна перадаў усе фарбы і нюансы самай вядомай партытуры Пучыні.
Кадр з оперы «Тоска»
17 ліпеня на экранах VOKA CINEMA by Silver Screen зноў можна пачуць Ганну Нятрэбка – гэтым разам у партыі Жанны д’Арк у пастаноўцы італьянскай Ла Скала пад кіраўніцтвам лепшага вердзіеўскага дырыжора Рыкарда Шаі. Ён вызначыў гэты спектакль як «даследаванне ўзаемаадносін бацькі і дачкі, як і ў многіх іншых операх Вердзі». Інтэрпрэтацыя Ганны Нятрэбка атрымала цудоўныя водгукі крытыкаў, а яе тандэм з Франчэска Мелі называлі ідэальным.
21 ліпеня праект TheatreHD прапануе атрымаць асалоду ад яшчэ адной жамчужыны Венскай оперы. Трагічная драма «Лючыя ді Ламермур» Гаэтана Даніцэці паводле рамана Вальтэра Скота распавядае пра шатландскую дзяўчыну, якую падманам выдалі за нежаданага, пакуль любімы быў у ад’ездзе, а яна ў прыпадку вар’яцтва забівае свайго мужа – суправаджаючы гэта адной з самых знакамітых арый для сапрана ва ўсім сусветным оперным рэпертуары. Пастаноўка 2019 года паказвае нам новую, «крытычную» рэдакцыю гэтага прызнанага шэдэўра музыкі бельканта ў элегантным, стрыманым афармленні і ў выкананні сапраўды зорнага ансамбля вакалістаў – фенаменальнай Вольгі Перацяцька і суперзоркі бельканта Хуана Дыега Флорэса.
Паказы ў межах праекта TheatreHD арганізуе Цэнтр «АРТ Карпарэйшн».
Мы раім прытрымлівацца мер засцярогі, каб зрабіць паход у кіно не толькі прыемным, але і бяспечным: калі ласка, карыстайцеся маскамі і іншымі ахоўнымі сродкамі.
Сачыць за навінамі і афішай можна на сайце artcorporation.by, і ў Facebook, Instagram, VK.