8 карцін знакамiтага цыніка Ларса фон Трыера пакажуць у кінатэатры «Піянер». «Уiкэнды з Ларсам фон Трыерам» адбудуцца з 5 па 27 лютага – на працягу чатырох тыдняў кожную пятніцу і суботу прапануем паглядзець знакавыя работы дацкага рэжысёра, якія раскрыюць яго як галоўнага маніпулятара і насмешніка, чараўніка, дагматыка і правакатара сусветнага кінематографа. Пасля паказу кожнай карціны адбудзецца абмеркаванне з кiнаэкспертам Ігарам Сукманавым.

Непрыемныя і балючыя фільмы Трыера ўжо некалькі дзесяцігоддзяў выклікаюць альбо пакланенне, альбо катэгарычнае непрыняцце. Рэжысёр стварыў свой унікальны кiнамiр, зроблены са супярэчнасцяў, і ў ім ідзе няспынная барацьба за стварэнне догмаў і іх разбурэнне, паміж цынізмам і маралямі, гвалтам  і тварэннем. «Уікэнды з Ларсам фон Трыерам» дапамогуць убачыць усе рэжысёрскія грані і зразумець, чаму яго фільмы прыгожыя настолькі ж, колькі і шакавальныя.

Падчас першага ўікэнда будзе магчымасць спазнаць Трыера як майстара-маніпулятара. 5 лютага адбудзецца паказ карціны «Эпідэмія», дзе Ларс фон Трыер і сцэнарыст Нільс Вёрсэль зняліся ў ролях саміх сябе. Па сюжэце яны пішуць сцэнарый пад назвай «Эпідэмія» пра страшную і загадкававую хваробу, якая ахапіла ўсю Еўропу. Пакуль яны будуць шукаць натхненне і грошы на пастаноўку, эпідэмія адбудзецца сапраўды. 6 лютага – «Танцуючая ў цемры» аб балючым выбары і самаахвярнасцi, дзе роля пакутнай ад хваробы жанчыны Сельмы выконвае спявачка Б’ёрк. За гэты фільм яна атрымала прыз «Лепшая актрыса» на Канскім кінафестывалі, а Ларс фон Трыер – «Залатую пальмавую галіну» за лепшы фільм.

Наступны ўікэнд раскрые рэжысёра як чараўніка кінамастацтва. Вiзiанерскi эксперымент, які прабіў Трыеру дарогу ў Каны – «Элемент злачынства» – пакажуць 12 лютага. Эстэтычную карціну «Еўропа» пра жыццё ў пасляваеннай Германіі глядзіце 13 лютага. Эфектны чорна-белы фільм з украпінамі каляровых кадраў нагадае пра эстэтыку твораў Франца Кафкі.

Далей – Трыер-насмешнік. Нечаканы для рэжысёра жанр офіснай камедыі «Самы галоўны бос» можна ўбачыць 19 лютага. Пачуццё гумару Трыера дакладна здзівіць тых, хто ад яго гэтага не чакаў. Яшчэ адзін фільм-удзельнік Канскага кінафестывалю – фільм «Мандэрлей» – глядзіце 20 лютага. Яго падзеі пачынаюцца праз два гады пасля вядомага «Догвiля», і галоўная гераіня Грэйс з’яўляецца на плантацыі ў Алабаме, дзе рабочыя не ведаюць, што рабства было адменена 70 гадоў таму.

Апошнія ўікэнды растлумачаць, чаму Ларс фон Трыер дакладна увайшоў у гісторыю сусветнага кінематографа як дагматык і наватар. 26 лютага адбудзецца паказ нашумелага фільма-правакацыі «Ідыёты», створанага па маніфесту «Догма 95». Ён шакіруе сваёй натуралістычнасцю і шчырасцю, але пры гэтым становіцца асноўным у трылогіі Трыера пра чыстую жаночую самаахвярнасць. 27 лютага«Рассякаючы хвалі», фільм-прыпавесць пра трагічную гісторыю дзяўчыны, якая зносіць зневажэнні дзеля таго, каб паправіўся яе муж. Фільм атрымаў Гран-пры журы Канскага кінафестывалю, намінацыі на «Оскар» і «Залаты глобус».

Праект «Уікэнды з Ларсам фон Трыерам» арганiзоўвае Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн», якi выступае гідам па якаснаму кіно для тых, хто паспеў засумаваць па пракаце свежых аўтарскіх фільмаў.

Мы раім прытрымлівацца мераў засцярогі і зрабіць паход у кіно не толькі прыемным, але і бяспечным: калі ласка, карыстайцеся маскамі і іншымі сродкамі асабістай засцярогі.

Сачыце за навінамі пра наступныя паказы на сайце artcorporation.by, а таксама ў Facebook, Instagram, VK.