Юбілей майстара містычных трылераў Дэвіда Лінча можна адзначыць у кінатэатры! У пракат выходзіць культавы «Малхоланд драйв» – ацаніць адрэстаўраваную версію фільма, якому сёлета спаўняецца 20 гадоў, можна ў кінатэатрах «Цэнтральны» і Falcon Club Буцік кіно з 28 студзеня па 10 лютага. Англійская мова з рускімі субтытрамі дазволіць атрымаць асалоду ад псіхадэлічнага трылера у поўнай меры. Расклад паказаў па спасылцы.
Дэвід Лінч моцна замацаваўся сярод імёнаў класікаў амерыканскага кіно ХХ стагоддзя і працягнуў здымаць знакавыя карціны і ў 2000-х. Унікальны аўтарскі почырк, балансаванне на мяжы масавага трылера і аўтарскага кіно, напоўненага шматлікімі сімваламі і падтэкстамі, робіць Лінча значнай постаццю ў кінаіндустрыі. «Малхоланд Драйв» – перадапошні поўнаметражны фільм Дэвіда Лінча, які раскажа гісторыю кахання ў горадзе мар. Умела гуляючы чаканнямі і сваіх герояў, і гледачоў, Лінч паказвае Галівуд з яго рамантычнымі ілюзіямі, разбітымі марамі і абсурднай жорсткасцю. Фільм нездарма параўноўваюць са снамі: ён зацягвае ў калейдаскоп розных цякучых вобразаў, пярэчыць лагічнаму асэнсаванню, але ні на секунду не становіцца бяздумным. Спробы разгадаць бясконцыя таямніцы «Малхоланд драйва» працягваюцца вось ужо 20 гадоў, а яго гіпнатычнае ўздзеянне ўсё такое ж моцнае.
У цэнтры псіхадэлічнага трылера – загадкавая брунэтка, якая страцiла памяць пасля аўтамабільнай аварыі. Блукаючы па Лос-Анджэлесе, яна таемна пранікае ў пустую кватэру – там яе знаходзiць пляменніца гаспадыні кватэры акторка Бэці, якая толькі што прыехала ў Галівуд, каб стаць зоркай кіно. Брунэтка бярэ сабе імя ў гонар Рыты Хэйворт, а Бэці шчыра пранікаецца яе бедамі і вырашае дапамагчы. Яны адпраўляюцца ў падарожжа па горадзе мар, каб разгадаць тайну асобы Рыты. Рэжысёр заўсёды адмаўляўся даваць тлумачэнне таго, што адбываецца ў фільме, пакінуўшы трактоўкі сэнсаў на гледачэй, крытыкаў і членаў здымачнай каманды.
Карціна стала сапраўдным прарывам для Наомі Уотс і Лоры Хэрынг. Атмасферны і запамінальны саўндтрэк стварыў пастаянны сааўтар Лінча, геніяльны Анджэла Бадаламэнцi. Усё гэта робіць «Малхоланд драйв» адным з лепшых фільмаў і ў XXI стагоддзі, і за ўсю гісторыю кіно. Адзіны паказ карціны ў Мінску адбыўся 6 верасня 2002 года на пляцоўцы к/т «Кастрычнік» у межах унікальнага праекта «фестываль аднаго фільма». Быў ашаламляльны ажыятаж: каб убачыць карціну на вялікім экране ў сталіцу прыехалі гледачы з розных гарадоў.
Адрэстаўраваная копія фільма была створана пад разам з самім Дэвідам Лінчам і аператарам Пітара Дэмінга ў 2017 годзе. У працэсе былі ліквідаваны ўсе дэфекты плёнкі і дасягнуты высокі ўзровень дэталізацыі і глыбіні выявы. Асаблівую ўвагу надалі і колеракарэкцыі, каб дадаць насычанасці і найлепшым чынам паказаць унікальнае асвятленне, выкарыстанае ў фільме. Убачыць гэтую карцiну на вялікім экране – асаблiвая падзея для кожнага кінамана.
Пракат карцін у Мінску арганiзоўвае Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн», выступаючы гідам па якаснаму кіно для тых, хто паспеў засумаваць па пракаце свежых аўтарскіх фільмаў.
Мы раім прытрымлівацца мераў засцярогі і зрабіць паход у кіно не толькі прыемным, але і бяспечным: калі ласка, карыстайцеся маскамі і іншымі сродкамі асабістай засцярогі.Сачыце за навінамі пра наступныя паказы на сайце artcorporation.by, а таксама ў Facebook, Instagram, VK.