Кінапраект «Уікенды с … » працягваецца: з 12 сакавіка па 10 красавіка ў Silver Screen Galileo кожную пятніцу і суботу пройдуць паказы фільмаў аднаго з самых вядомых рэжысёраў Польшчы Кшыштафа Кесьлёўскага. Ігар Сукманаў, вядомы беларускі кінаэксперт, прадставіць фільмы і абмяркуе іх з гледачамі пасля паказу.
У межах «Уікендаў» пакажуць 9 ключавых работ Кесьлёўскага, а таксама падборку дакументальнага кіно, якое першапачаткова займала ў яго фільмаграфіі асаблівае месца. Пазней, перасягнуўшы мяжу метафізічнага, рэжысёр перастае глядзець вакол – яго пачынаюць хваляваць пытанні за межамі чалавечага існавання.
Разглядаючы пад мікраскопам і прэпаруючы кожную дэталь жыцця «тут і цяпер», Кесьлёўскі ставіць чалавека ў цэнтр сваёй цікавасці, выходзіць за межы, мяняецца, эксперыментуе і становіцца самым вядомым рэжысёрам свайго пакалення.
Праект «Уікенды с … » упершыню праходзіць на новай для дадзенага фармату пляцоўцы – у вялікай зале кінатэатра Silver Screen Galileo.
«Кесьлёўскі спачатку здаваўся сацыяльным аўтарам – ён маляваў, як бяздушная ідэалогія сацыялістычных догмаў знявольвала парывы і ідэалы мэтанакіраваных людзей, энтузіястаў і рамантыкаў. Потым ён пераклаў жыццёвыя гісторыі ў сферу маральных і духоўных пастулатаў, злучыў з хрысціянскімі запаведзямі жыццё звычайных палякаў. Пазней яго маральныя пасланні здабылі «боскае дыханне»: Кесьлёўскі стаў дэміургам і вяршыцелем лёсаў сваіх герояў, даруючы ім жыццё або смерць у залежнасці ад сілы свайго жадання. Будзённасць саступіла месца таямніцы. Шараговыя падзеі напоўніліся таемнымі знакамі жыцця» – так кінаэксперт Ігар Сукманаў падкрэслівае імкненне рэжысёра да залімітавага разумення жыцця.
Першы ўікенд (12–13 сакавіка) стартуе з карціны «Кінааматар», якая атрымала галоўны прыз Маскоўскага кінафестывалю ў 1979 годзе і адзначыла пераход рэжысёра да метафізічнай драматургіі. На наступны дзень пакажуць меладраму «Без канца», адну з першых і самых важных работ Кесьлёўскага, якую ён зрабіў са сваёй пастаяннай камандай – кампазітарам Збігневам Прайснерам, сцэнарыстам Кшыштафам Песевічам і аператарам Пятром Сабачынскім.
Далей у межах уікендаў пакажуць і іншыя вядомыя работы польскага рэжысёра, у тым ліку яго французскія работы, якія прынеслі Кесьлёўскаму сусветную славу, і дакументальныя кароткаметражкі:
19 сакавіка – «Кароткі фільм пра забойства»;
20 сакавіка – «Кароткі фільм пра каханне»;
26 сакавіка – «Выпадак»;
27 сакавіка – «Падвойнае жыццё Веранікі»;
2 красавіка – «Тры колеры: сіні»;
3 красавіка – «Тры колеры: белы»;
9 красавіка – «Тры колеры: чырвоны»;
10 красавіка – «”Гаваркія галовы” і іншыя гісторыі».
Усе фільмы дэманструюцца на мове арыгіналу з рускімі субтытрамі.
Праект «Уікенды з Кшыштафам Кесьлёўскім» арганізуе Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн», выступаючы гідам па добраму кіно для тых, хто паспеў засумаваць па пракаце свежых аўтарскіх карцін.
Мы раім прытрымлівацца мер асцярогі і зрабіць паход у кіно не толькі прыемным, але і бяспечным: калі ласка, карыстайцеся маскамі і іншымі ахоўнымі сродкамі.
Сачыце за навінамі пра наступныя паказы на сайце artcorporation.by і Facebook Instagram, VK.
Праект арганізаваны ў супрацоўніцтве з Інстытутам Адама Міцкевіча ў межах POLSKA 100 – міжнароднай культурнай праграмы да стагоддзя аднаўлення незалежнасці Польшчы.
Праграма POLSKA 100 паказвае самыя важныя дасягненні польскай культуры за апошнія сто гадоў, якія да гэтага часу натхняюць мастакоў і гледачоў па ўсім свеце. Праграма фінансуецца Міністэрствам культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча ў межах шматгадовай праграмы NIEPODLEGŁA 2017–2022.
«Уікенды з Кшыштафам Кесьлёўскім» праходзяць пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.
У афармленні афішы «Уікенды з Кшыштафам Кесьлёўскім» выкарыстаны фатаздымак: @Archiwum Twórczości Krzysztofa Kieślowskiego / Piotr Jaxa.