Ў 2021 годзе “Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў “АРТ Карпарэйшн” прыпыняе сваю дзейнасць у якасці дырэкцыі Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” у адпаведнасці з рашэннем заснавальніка фестывалю  Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

“АРТ Карпарэйшн” быў арганізатарам фестывалю на працягу 11 гадоў. Мы рабілі ўсё, што ад нас залежала, каб фестываль стаў кінападзеяй года. У ролі дырэкцыі кінафестывалю мы вызначылі канцэпцыю, рэгламент, прынцыпы адбору і фарміравання фестывальных праграм у строгай адпаведнасці з міжнароднымі нормамі і правіламі, распрацавалі унікальны брэнд і айдэнтыку фестывалю.

У 2011 годзе Міжнародная федэрацыя асацыяцый кінапрадзюсераў дала ММКФ часовую акрэдытацыю FIAPF. А ў 2013 годзе Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” атрымаў пастаянную акрэдытацыю Міжнароднай федэрацыі асацыяцый кінапрадзюсераў, што з’явілася сведчаннем высокага ўзроўню і нашай працы, і нацыянальнай культуры ў цэлым. Фестываль папоўніў спіс самых прэстыжных кінафорумаў, у ліку якіх – сусветна вядомыя Берлінскі, Венецыянскі, Варшаўскі і Маскоўскі фестывалі.

Адной з самых ганаровых узнагарод Мінскага кінафестывалю з 2017 года стаў Прыз міжнароднага журы кінапрэсы FIPRESCI. У складзе журы “Лістапада” члены “ФІПРЭССІ” штогод ацэньвалі поўнаметражныя дэбютныя фільмы, прадстаўленыя ва ўсіх конкурсах фестывалю.

За 11 гадоў на фестывалі “Лістапад” міжнароднае журы ўзнагародзіла лепшых кінематаграфістаў: Паўла Паўлікоўскага, Сяргея Лазніцу, Шарунаса Бартаса. Гран-пры фестывалю атрымалі прызнаныя майстры Раду Жудэ, Цзя Чжан-Кэ. Мінскі фестываль не раз станавіўся пляцоўкай для сустрэчы гледачоў з мэтрамі кінамастацтва – Фані Ардан, Кірай Муратавай, Зазай Урушадзэ, Кшыштафам Занусі, Аляксандрам Сакуравым, Віталём Манскім. Усё гэта першыя імёны сусветнай кінаіндустрыі. Акрамя таго, мы пільна сачылі за з’яўленнем новых талентаў у аўтарскім кіно: Дэм’ен Шазел, Ян Камаса, Чайтанья Тамханэ, Алічэ Рарвахер, Шон Бэйкер. Усіх пералічыць, на жаль, цяжка, але мы ўдзячныя і ганарымся тым, што за гады працы змаглі выказаць ім сваё прызнанне.

Мы рады, што з’яўленне новых галасоў незалежнага беларускага кіно звязана з нашай эпохай “Лістапада”. Фільм-сенсацыя “Хрусталь” Дар’і Жук адкрываў Нацыянальны конкурс у 2018 годзе, “Summa” Андрэя Куцілы быў прызнаны лепшым дакументальным фільмам Нацыянальнага конкурсу на форуме 2019 года. У розныя гады міжнароднае журы фестывалю па вартасці ацаніла фільмы Мікіты Лаўрэцкага, Аляксея Палуяна, Влады Сяньковай, Юліі Шатун і многіх іншых беларускіх рэжысёраў, прызнаных у краіне і за мяжой. У Конкурсе нацыянальных кінашколаў (дакументальнае кіно) кожны год прымалі ўдзел студэнты і дыпломнікі БДАМ.

У 2015 годзе была адкрыта Індустрыяльная платформа ММКФ “Лістапад” Bel:Cinema з мэтай стварэння ўмоў для зносін прафесіяналаў у сферы кіно, абмену вопытам, распрацоўкі спосабаў ўзаемадзеяння кінематаграфістаў і прадусараў з улікам спецыфікі рэгіёну. За гады працы індустрыяльная платформа не раз паслужыла крыніцай новых праектаў і кааперацый.

Каманда “АРТ Карпарэйшн” выказвае ўдзячнасць кінематаграфістам, прадзюсарам і дыстрыб’ютарам, якія на працягу 11 гадоў разам з намі стваралі кінафестываль “Лістапад”. Ваш актыўны ўдзел і крытычны погляд дазволілі фестывалю падняцца на міжнародны ўзровень. Мы хочам падзякаваць нашых спонсараў і нястомных валанцёраў, якія з гатоўнасцю аказвалі нам падтрымку ў штогадовым правядзенні незабыўнага свята для прыхільнікаў кіно. І, вядома, мы дзякуем нашых чулых, эрудыяваных, ўдумлівых гледачоў – ваша шчырыя цікавасць была самай высокай узнагародай нашай камандзе. Усе тыя, хто працаваў з намі бок аб бок, пераадольваючы цяжкасці, – без перабольшання былі і застаюцца камандай мары.

Служэнне мастацтву – няпростая, але важная місія. У гэтым годзе мы не сталі арганізатарамі ММКФ “Лістапад”, але ўсё адно працягнем знаёміць нашых гледачоў з лепшымі ўзорамі сусветнага аўтарскага кіно. Мы актыўна распрацоўваем міжнародныя праекты і заўсёды чакаем сустрэчы з вамі на нашых кінапаказах. За навінамі можна сачыць на нашым сайце artcorporation.by.